КАРЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

міжусобныя дынастычныя войны ў Іспаніі паміж дзвюма галінамі ісп. Бурбонаў у 19 ст. Былі звязаны з ісп. рэвалюцыямі 1834—43 і 1868—74. 1 - я К.в. (1833—40) развязана пасля смерці караля Фердынанда VII карлістамі — прыхільнікамі сына Карла IV (правіў у 1788—1808) дона Карласа Старэйшага, які выступаў супраць Марыі Крысціны — рэгентшы пры малалетняй каралеве Ізабеле ІІ. Карлісты выступалі за захаванне абсалютызму і феад. парадкаў, апіраліся на сялянства паўн. і ўсх. абласцей Іспаніі, выкарыстоўвалі сепаратысцкія настроі жыхароў Каталоніі, Басконіі і Навары, вялі пераважна партыз. вайну. Летам 1837 іх войска (14 тыс. чал.) на чале з донам Карласам намагалася авалодаць Мадрыдам. Урадавыя войскі на чале з ген. Б.​Эспартэра да лета 1840 разбілі асн. сілы карлістаў (дон Карлас у 1839 уцёк у Францыю). У ходзе 2-й К.в. (1872—76) карлісты імкнуліся зацвердзіць на ісп. прастоле пад імем Карла VII дона Карласа Малодшага — унука Карласа Старэйшага. Да канца 1875 іх ваен. сілы, сканцэнтраваныя ў Басконіі, Навары і Каталоніі і падзеленыя на 3 арміі, налічвалі каля 100 тыс. чал. У лют. 1875 у бітве пры Лукары карлісты разбілі ўрадавую армію, але з-за ўнутр. рознагалоссяў пачалі цярпець паражэнні і ў пач. 1876 разгромлены.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)